Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
  • ул. Кирова 16
  • +37517 327-08-75

У выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасцi дзяцей i моладзі быццам заціхлi ў захапленні цудоўныя вырабы дзіцячых рук, увасобленыя ў гліне, лямцы, саломцы, выцінанцы, малюнках: дзіўныя вобразы пацешных звяркоў i мудрагелістых раслін, казачных гepoяў і персанажаў з рэальнага жыцця...

Выхаванцы і педагогі студыі “Крынічка” арганізавалі творчую юбілейную выстаўку “Родныя рэчы”, прысвечаную 50-годдзю ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынiчка”, уклалі часцінку сваёй душы ў арыгінальныя творы.

На выстаўцы прадстаўлены разнастайныя творы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, жывапіс, графіка, традыцыйная і самабытная кераміка, лямец, выцінанка, роспіс па шкле, маляванка, набіванка.

Традыцыі і сучаснасць цудоўным чынам пераплятаюцца і ўзаемадапаўняюць адзін аднаго ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці выхаванцаў студыі “Крынiчка”, дзякуючы таленавітым педагогам, якія ідуць у нагу з часам.

Мноства кампазіцый, сюжэтаў, якія крэатыўна прадстаўлены юнымі мастакамі студыі. Колер і форма сугучны ў кожнай дзіцячай рабоце, індывідуальнасць – у кожнай карціне.

Даволі цікава прадстаўлены і творы графікі: класічныя прыёмы спалучаюцца з тэхнікай “граттаж” і аўтарскімі падыходамі з выкарыстаннем разнастайных графічных матэрыялаў.

Мастацкія праекты студыі “Крынiчка” – гэта крэатыўнасць мыслення, калектыўная творчасць і стыль самавыяўлення кожнага аўтара. У праектах прадстаўлены асобныя гісторыі, матэрыялы і думкі: “Францыск Скарына – наш лёс, наша мінулае, наша будучыня”, “ПрапраДзядоў”, “Маскарад”, “Крок канём”, “Акцёр тэатра кабукі” і іншыя.

Запрашаем вас у чароўны свет яркіх фарбаў, вітража, сакавітай формы керамічных вырабаў, сучаснага тэкстыльнага касцюма, непасрэдных дзіцячых маляванак. Атрымаем энергію творчасці і пазітыву! 



Студыі “Крынічка” – 50!

Студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” – унікальная і самабытная.

Гісторыя яе стварэння і развіцця – гэта вынік творчай дзейнасці яркіх, неардынарных, захопленых сваёй працай педагогаў, якія выхавалі не адно пакаленне таленавітых дзяцей.

Студыя “Крынічка” пачала сваю дзейнасць у 1968 годзе. Менавіта ў той час у Мінскім Палацы піянераў і школьнікаў з’явіўся гурток лепкі, якім кіравала вядомы скульптар, член Саюза мастакоў Тамара Ціханаўна Мацвіенка. Гэта яна перадала эстафету сваім паплечнікам і аднадумцам – членам Саюза мастакоў Ларысе Мікалаеўне Лось і Марыі Мітрафанаўне Шаўцовай.

Свой уклад у развіццё студыі ўнеслі народныя майстры Вера і Аляксандр Салдатавы, маладыя педагогі Дзяніс Яроменка, Яўгенія Ліс, Алесь Стасевіч, Уладзіслаў Руткоўскі, Святлана Абрамовіч, Яўгенія Маева.

У 1986 годзе ў студыі пачала працаваць таленавіты мастак-кераміст Эмілія Аляксандраўна Фокіна, член Саюза мастакоў, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Эмілія Аляксандраўна паспяхова ўзначальвала студыю больш за 30 гадоў, узняўшы дзейнасць студыі на новы мастацкі і творчы ўзровень.

У 1993 годзе за высокія дасягненні ў эстэтычным выхаванні навучэнцаў калектыў студыі атрымаў ганаровае званне “народная студыя”.

Сёння студыя працягвае сваю дзейнасць як узорная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка”.

Узначальвае калектыў таленавіты педагог-мастак Вольга Мікалаеўна Кашкурэвіч.

Студыя “Крынічка” – гэта творчая лабараторыя-майстэрня, дзе выкладаюць апантаныя, улюблёныя ў сваю справу педагогі, якія валодаюць разнастайнымі тэхнікамі і відамі дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці: творчая майстэрня “Вясёлка” (Вольга Мікалаеўна Кашкурэвіч), “Кераміка” (Вольга Уладзіміраўна Раманюк), “Першацвет” (Вольга Іванаўна Навіцкая).

Узорную студыю “Крынічка” добра ведаюць i любяць не толькі ў нашай краіне. Расія, Індыя, Алжыр, Мазамбік, Марока, Польшча, Японія, Велікабрытанія, Фінляндыя, Францыя, Азербайджан, Эстонія – вось далёка не поўны спіс краін, у якіх з поспехам экспанаваліся работы навучэнцаў.

Выхаванцы студыі “Крынічка” годна прадстаўляюць і трансліруюць беларускае мастацтва за мяжой, з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выставак, фестываляў.